• Нарыхтоўка і выкарыстанне драўняных лясных рэсурсаў

Нарыхтоўка і выкарыстанне драўняных лясных рэсурсаў

У Беларусі асноўныя прынцыпы арганізацыі лесакарыстання вызначаны наступнымі нарматыўнымі дакументамі:

  • Дзяржаўнай праграмай развіцця лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2021—2025 гады;
  • Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь;
  • Лясным кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Названымі дакументамі вызначаны наступныя мэты пры арганізацыі лесакарыстання:

  • рацыянальнае, невычарпальнае і бесперапыннае выкарыстанне лясоў;
  • забеспячэнне адносна пастаяннага лесакарыстання ў межах ляснога фонду для суб'ектаў вядзення лясной гаспадаркі;
  • ажыццяўленне экалагізаванага (прыродасумяшчальнага) лесакарыстання.

Для выканання пералічаных мэт вырашаюцца наступныя задачы:

  • арганізацыя лесакарыстання ў адпаведнасці з функцыянальным прызначэннем лясоў: улік прыналежнасці насаджэнняў да вызначаных груп і катэгорый лясоў;
  • навукова абгрунтаваныя метады вызначэнне памеру лесакарыстання (разліковай лесасекі), якія  забяспечваюць  яго невычарпальнасць і адноснае пастаянства, што ажыццяўляецца пры правядзенні базавага лесаўпарадкавання пры кантролі з боку дырэктыўных органаў;
  • захаванне прынцыпаў мнагамэтавага лесакарыстання, г. зн. рацыянальнае спажыванне грамадствам не толькі драўніны, але і харчовых і лекавых  рэсурсаў (грыбы, ягады, лекавая сыравіна і г. д.), а таксама і іншых карыснасцей (звязванне дыяксіду вугляроду, водаахоўная, глебаахоўная функцыі і г. д.) лясных насаджэнняў;
  • забеспячэнне надзейнага аднаўлення і далейшага ўзнаўлення лясоў;
  • захаванне экалагічных патрабаванняў пры арганізацыі мнагамэтавага лесакарыстання: захаванне ляснога асяроддзя, біялагічнай разнастайнасці, мінімізацыя пашкоджання надглебавага покрыва і г. д.;
  • паступовая аптымізацыя пароднай структуры ляснога фонду ў адпаведнасці з сучаснымі і перспектыўнымі патрэбамі народнай гаспадаркі, асаблівасцямі ўмоў месцавырастання насаджэнняў, эканамічнымі і экалагічнымі патрабаваннямі і магчымасцямі вырошчвання дрэвастояў;
  • аптымізацыя сартыментнай структуры лесасечнага фонду ў адпаведнасці з патрэбамі народнай гаспадаркі рэспублікі і запытамі сусветнага рынку лесаматэрыялаў;
  • паступовая аптымізацыя ўзростаў і абаротаў высечак як тэхнічнага інструмента для забеспячэння атрымання найбольш каштоўных сартыментаў, дасягнення найвышэйшых эканамічных паказчыкаў лесакарыстання і яго экалагізацыі;
  • рацыянальнае комплекснае выкарыстанне драўніны і іншых прадуктаў, якія атрымліваюцца пры лесакарыстанні (для гэтага ажыццяўляецца арганізацыя поўнай глыбокай перапрацоўкі драўніны з мэтай атрымання прадукцыі з найвышэйшай доляй дабаўленай вартасці, поўная ўтылізацыя адходаў, у тым ліку для патрэб энергетыкі);
  • пашыранае выкарыстанне лесу для выканання ім рэкрэацыйнага патэнцыялу.

21.jpgРэалізуючы на практыцы прынцыпы ўстойлівага лесакіраўніцтва і лесакарыстання, лясная гаспадарка забяспечвае не толькі пастаяннае лесакарыстанне ў межах штогадовага прыросту драўніны, але і эканамічную бяспеку дзяржавы, стабільнасць функцыянавання народнай гаспадаркі.

Лесакарыстанне складае эканамічную аснову вядзення лясной гаспадаркі і вызначае ўзровень яго інтэнсіўнасці. Яно прадстаўлена рознымі відамі карыстання з перавагай нарыхтоўкі драўніны.

Нарыхтоўка драўніны ажыццяўляецца пры высечках галоўнага і прамежкавага карыстання — высечкі догляду за лесам, выбарачныя санітарныя высечкі і высечкі рэканструкцыі. Праводзяцца таксама высечкі абнаўлення і фарміравання (перафарміравання) насаджэнняў, санітарныя высечкі, уборка захламленасці, расчыстка лясных плошчаў для будаўніцтва трубаправодаў, дарог, ліній электраперадачы і сувязі, іншых аб'ектаў.