Маніторынг лесу
Асновай рацыянальнага вядзення лясной гаспадаркі і прыродакарыстання з'яўляецца сістэма лесаўпарадкавання. Прававы статус лесаўпарадкавання і яго змест вызначаны Лясным кодэксам, якім устаноўлена, што вядзенне лясной гаспадаркі і ажыццяўленне лесакарыстання без правядзення лесаўпарадкавання забараняецца. Гэтым падкрэсліваецца асаблівая значнасць лесаўпарадкавання ў сістэме лясной гаспадаркі, вызначаная дзяржаўнай прыналежнасцю лясоў.
Інфармацыя аб лясным фондзе рэспублікі, маніторынг дынамікі змен, якія адбываюцца ў лясах усіх лесафондатрымальнікаў, праектаванне і разлікі рацыянальнага, працяглага і невычарпальнага карыстання лесам — усё гэта сфера адказнасці лесаўпарадкавання, якое прадстаўлена лесаўпарадкавальным рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Белдзяржлес».
Прадпрыемства мае экспедыцыйную структуру з разнапрофільнымі падраздзяленнямі ў складзе лясных інжынераў-таксатараў, глебазнаўцаў, лесапатолагаў, спецыялістаў па лясным маніторынгу, праграмістаў, картографаў і інш. Штогод у Беларусі лесаўпарадкаванне і іншыя лесаўпарадкавальныя работы праводзяцца на плошчы каля 1 млн га ляснога фонду. Акрамя таго, беларускія спецыялісты працуюць у шэрагу рэгіёнаў Расіі — у Забайкаллі, Наўгародскай, Смаленскай і іншых абласцях.
Тэхнічнай асновай лесаўпарадкавання з'яўляюцца матэрыялы аэракасмічных здымак. На лесаўпарадкавальным прадпрыемстве ўстаноўлена станцыя па прыёме касмічнай інфармацыі, выконваюцца навукова-даследчыя работы па развіцці тэхналогіі прымянення касмічных здымак лясоў па розных тэматычных напрамках.
Апрацоўка даных, якія атрымліваюцца ў выніку аэракасмічных здымак, і даных экспедыцыйных палявых абследаванняў лясоў выконваецца з выкарыстаннем спецыялізаваных праграмных комплексаў і геаінфармацыйных сістэм са складаннем тэматычных лічбавых карт і разлікаў па выкарыстанні і ўзнаўленні лясоў на розныя перыяды з прагнозам да 100 гадоў.
Сістэма маніторынгу лясоў Рэспублікі Беларусь
Лясны маніторынг ажыццяўляецца ў Беларусі з 1989 года спецыялізаванай службай Мінлясгаса на растравай Нацыянальнай сетцы па агульнаеўрапейскай тэхналогіі. Нацыянальная сетка ляснога маніторынгу ўключае 1450 пастаянных пунктаў уліку (ППУ) і 80 пастаянных пробных плошчаў (ППП). Пастаянныя пункты ўліку раўнамерна размешчаны па ўсёй тэрыторыі рэспублікі. У рамках экалагічнага і ляснога маніторынгу па методыцы ICP Forests, які праводзіцца на гэтай сетцы, штогод на ППУ і ППП абследуюцца 40 тысяч дрэў.
У залежнасці ад мэт і вырашаемых задач маніторынг лясоў ажыццяўляецца па наступных напрамках:
- маніторынг ўздзеяння забруджвання паветра на лясы (экалагічны лясны маніторынг);
- лесапаталагічны маніторынг;
- радыяцыйны маніторынг лясоў;
- эколага-меліярацыйны маніторынг меліяраваных лясных зямель;
- лакальна-аб'ектны маніторынг лясоў.
Зыходзячы з патрэб рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых зацікаўленых, могуць ажыццяўляцца і іншыя кірункі маніторынгу лясоў.