Радыяцыйная бяспека

У Рэспубліцы Беларусь тэрыторыя ляснога фонду, аднесеная да зон радыеактыўнага забруджвання, складае 1668,7 тыс. га, або 17,6 % ад агульнай плошчы ляснога фонду. Асноўная доля забруджаных радыенуклідамі лясоў знаходзіцца ў распараджэнні Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (83,4 %) і Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (12,9 %).

У цяперашні час плошча радыеактыўнага забруджвання ляснога фонду Мінлясгаса складае 8360 тыс. га (16,7 % ад агульнай плошчы). Па выніках радыяцыйнага абследавання за перыяд з 2011-га па 2016 год плошча радыеактыўнага забруджвання ляснога фонду Мінлясгаса паменшылася на 168,1 тыс. га, або на 10,9 %. Памяншэнне тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання лясоў абумоўлена зніжэннем шчыльнасці забруджвання глеб цэзіем-137 у выніку радыеактыўнага распаду, пераразмеркавання радыенуклідаў па кампанентах лясных экасістэм.

Па меры памяншэння шчыльнасці забруджвання глеб цэзіем-137 памяншаецца магутнасць дозы гама-выпрамянення ў сярэднім на 2,2 % у год. На большай частцы (95 %) тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання ляснога фонду пры правядзенні лесагаспадарчых работ забяспечана выкананне норм радыяцыйнай бяспекі, неперавышэнне граніцы сярэднегадавой дозы гама-выпрамянення ў 1 мЗв.

Да 2020 года прагназуецца памяншэнне плошчы лясоў у зонах радыеактыўнага забруджвання да 1245 тыс. га.

Вядзенне лясной гаспадаркі ў зонах радыеактыўнага забруджвання рэгламентуецца з улікам шчыльнасці забруджвання глеб цэзіем-137, магчымасці атрымання нарматыўна чыстай лясной прадукцыі, ажыццяўляецца з абавязковым радыяцыйным кантролем. Сістэма кантролю радыеактыўнага забруджвання ляснога фонду ўключае дзве падсістэмы: радыяцыйны кантроль і радыяцыйны маніторынг. Кантроль радыеактыўнага забруджвання ў лясах ажыццяўляе служба радыяцыйнага кантролю Мінлясгаса, якая ўключае 40 акрэдытаваных і атэставаных структурных падраздзяленняў (аддзелы, лабараторыі, пасты), якія выконваюць увесь комплекс работ у 47 лясгасах галіны.

Аб'ектамі кантролю з'яўляюцца: землі ляснога фонду, участкі ляснога фонду і лясныя рэсурсы, лясная прадукцыя і прадукты яе перапрацоўкі, аб'екты лясной гаспадаркі і працоўныя месцы, сельскагаспадарчая сыравіна і кармы, харчовыя прадукты, лекава-тэхнічная сыравіна. Штогод абследуецца больш за 9000 лесасек, вымяраецца актыўнасць цэзія-137 у 15 тыс. пробах дзелавой і 25 тыс. пробах дрывяной драўніны, у пробах грыбоў і ягад, дзічамясной прадукцыі. Пры параўнанні вымераных значэнняў удзельнай актыўнасці з рэспубліканскімі дапушчальнымі ўзроўнямі ўтрымання радыенуклідаў у прадукцыі (РДУ/ЛХ-2001, РД-99) вызначаецца магчымасць яе далейшага выкарыстання.

Усе партыі адгружаемай лясной прадукцыі, нарыхтаванай у зонах радыеактыўнага забруджвання або вырабленай з сыравіны, нарыхтаванай у зонах радыеактыўнага забруджвання, суправаджаюцца дакументамі, у якіх ставіцца і запаўняецца адбітак штампа радыяцыйнай бяспекі, а ў выпадку прад'яўлення спажыўцом патрабавання аб прадастаўленні дакумента, якi сведчыць аб утрыманні радыенуклідаў, афармляецца пашпарт радыяцыйнай бяспекі.

Для забеспячэння радыяцыйнай бяспекі работнікаў лясной гаспадаркі і насельніцтва пры наведванні лясоў і карыстанні лясной прадукцыяй ажыццяўляецца інфармаванне аб радыяцыйнай абстаноўцы ў лясах, правілах лесакарыстання. Інфармаванне ажыццяўляецца з дапамогай устаноўкі папераджальных і забараняльных знакаў у лясных масівах, інфармацыйных і папераджальных плакатаў, інфармацыйных стэндаў у месцах размяшчэння органаў лясной гаспадаркі, распаўсюджвання спецыяльнай літаратуры, а таксама праз сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку ў электронным фармаце — на сайтах лясгасаў у раздзеле «Радыяцыйны кантроль», на сайце Установы «Беллесаахова» (bellesozaschita.by).